уздым культуры ў Франкскай дзяржаве ў 2-й пал. 8—1-й пал. 9 ст., звязаны з узвышэннем, рэформамі першых Каралінгаў і ўзнікненнем імперыі Карла Вялікага. Цэнтралізацыя дзяржавы і кіраванне велізарнай імперыяй патрабавалі значнай колькасці адукаваных чыноўнікаў і духавенства. Адсюль клопат пра развіццё адукацыі і мастацтва, зварот да познаант. культуры. Пры каралеўскім двары, у цэнтрах буйных епархій і абацтваў ствараліся школы для дзяцей знаці, настаўнічаць у якіх запрашалі найб. адукаваных людзей. Узнавілася цікавасць да твораў стараж. аўтараў — Арыстоцеля, Баэцыя, Светонія, Ціта Лівія і інш. Створана новае пісьмо — каралінгскі мінускул, якое стала асновай сучаснага лац. алфавіта. Цэнтрам «К.а.» была «Акадэмія» — своеасаблівы гурток вучоных і паэтаў, створаны Карлам Вялікім пры сваім двары. Значнага развіцця дасягнулі гістарыяграфія, л-ра, архітэктура (у 768—814 пабудавана 27 сабораў, 232 манастыры, 65 палацавых ансамбляў, сярод якіх найб. адметная палацавая капэла ў Ахене), фрэскавы жывапіс, мазаіка, кніжная мініяцюра, ювелірнае мастацтва. Распад імперыі пры пераемніках Карла Вялікага, узмацненне феад. раздробленасці, рост натуральнай гаспадаркі прывялі да згасання «К.а.» як з’явы.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.«Каралінгскае адраджэнне». Лотар I. Мініяцюра «Евангелле Лотара». Каля 840.